З ГІСТОРЫІ СЯ ДЗІБЫ ТУГАНАВІЧЫ
Былая сядзіба Туганавічы знаходзіцца ў самым цэнтры Наваградскага ўзвышша, аднаго з найбольш маляўнічых куткоў нашай Бацькаўшчыны. Гэтая мясцовасць знаходзіцца на поўначы Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Прырода паклапацілася аб ставарэнні тут добрых варункаў для жыцця людзей. Ураджайныя глебы. Спрыяльныя кліматычныя ўмовы. Хваёвыя і дубовыя пушчы са мноставам жывёл і птушак. Шматлікія рэчкі. Раскошны кілім лугоў уздоўж рачных далінаў. Каралева беларускіх азёр Свіцязь са сваім непаўторным мікрасветам.
Людзі з' явіліся ў ваколіцах Туганавіч яшчэ ў IX—V тысячагоддзях да н.э. Актыўнае асваенне наваградскага ўзвышша адбывалася і ў наступныя гістарычныя эпохі.
На старонках пісьмовых крыніц назва “Туганаўчы”, “Туганава” упершыню з' яўляецца ў часы праўлення вялікага князя літоўскага Казіміра (1440-1492). 10 чэрвеня 1471 г. маршалак гаспадарскі Мікалай Няміравіч у тэстаменце запісаў сяло Туганаўчы (Туганава) сваёй жонцы Альжбеце, а пасля яе смерці – касцёлу ў Ішкалдзі пад юрысдыкцыю віленскага біскупа. Вядома, што перад Няміравічам уладальнікамі Туганавіч былі паны Юшка і Івашка Гойцавічы.
Іван (Івашка) Гойцавіч у 1452-1454 гг. з'яўляўся намеснікам віцебскім. Каму належала сяло да Гойцавічаў невядома, але назва паселішча мае, безумоўна, усходняе (татарскае) паходжанне ад імя Туган. Невыпадкова А.Міцкевіч выкарыстаў гэта імя для аднаго з персанажаў балады “Свіцязь”. У гістарычнай і краязнаўчай літаратуры таксама неаднаразова падкрэслівалася, што першымі ўладальнікамі зямель у гэтай мясцовасці з'яўляліся князі Туганы. На карысць гэтага сведчаць і адзначаныя ў дакументах 1566 і 1570 гг. Урочышчы Ардынка (Ардынаўшчына), Татараўшчына,а таксама “гай альховы за татарамі”, што размяшчаліся паблізу Туганавіч.
Пасля смерці Мікалая Няміравіча (памёр каля 1489 г.) Туганавічы сталі ўласнасцю вялікага князя літоўскага Казіміра. У 1510 г. яго сын Жыгімонт I выдае прывілей на сяло Туганавічы двараніну Сямёну Іванавічу. Жыгімонт I дазваляе Сямёну Іванавічу стаць уладальнікам Туганавіч з усімі людзьмі і пустаўшчынамі навечна «..как деражали Юшко и Ивашко Гоцевичи и пан Миколай Немирович и отец наш и мы». Паводле прывілею, Туганавічы не ўяўлялі сабой тады кампактнага паселішча, а складаліся з 14 асобна размешчаных «службаў», у кожную з якіх мог уваходзіць адзін-два ці некалькі двароў.
Аднак Сямёну Іванавічу не давялося спакойна валодаць атрыманымі землямі. Хутка з прэтэнзіямі на іх выступілі наваградскія баяры Грынь і Еська Цяраевічы. У 1514 г. яны скардзяцца вялікаму князю на Сямёна Іванавіча. У адказ на скаргу Сямён Іванавіч даводзіў, што ён атрымаў ад гаспадара зямлю ў Туганавічах навечна і паказаў ягоны прывілей. Цяраевічы ж даказвалі перад ваяводам наваградскім Янам Забярэзінскім, што яны мелі права на Туганавічы і таксама паказалі прывілей за подпісам гаспадара. Такмім чынам, недзе ў другой палове XVст. Продкі Грыня і Еські атрымалі землі ў Туганавічах. Аднак у 1510г. гэтая зямля з’ўлялася ўжо ўласнасцю вялікага князя Жыгімонта I, які і перадаў яе Сямёну Іванавічу. Узнікла канфліктная сітуацыя, калі абодва бакі мелі юрыдычнае права на адну і тую ж зямлю. Справа ў рэшце рэшт вырашаецца на карысць Сямёна Іванавіча, бо 30 студзеня 1529 г. Жыгімонт 1 выдае яму яшчэ адзін прывілей на Туганавічы. З гэтага дакумента мы даведваемся аб некатарых новых фактах, што датычацца гісторыі ўладання Туганавіч. Высвятляецца, што маёнтак тут у свой час завяшчаў Сямёну Іванавічу яго бацька, але калі Сямён Іванавіч трапіў у палон, гэта спадчына была ўзята дзяржавай. Такім чынам, становіцца зразумелым, чаму менавіта Сямёну Іванавічу Жыгімонт I пажалаваў Туганавічы пасля вяртання з палону.
У 1556 г. у маёнтку Туганавічы ў сувязі з правядзеннем у Вялікім княстве Літоўскім аграрнай рэформы адбыўся падзел зямлі. У гэты час двор належыў сынам Сямёна Іванавіча Міхаілу і Івану, якія ўжо насілі прозвішча Туганоўскіх.
У 1570 г. Туганавіцкі маёнтак быў падзелены паміж Міхаілам і Іванам Туганоўскімі. У гэты час у Туганавічах існавалі два панскія двары. «Двор стары» узнік, напэўна, яшчэ ў другой палове XV ст. ці ў пачатку XVI ст. Другі двор, каля якога дзейнічаў млын, сфарміраваўся на працягу першай паловы XVI ст. На гэтым месцы ён працягваў развівацца і ў наступныя стагоддзі. Яшчэ адзін падзел Туганавіч адбываўся ў 1595 г. паміж сынамі Івана – Андрэем, Станіславам, Іванам (Янам) і Мікалаем. У выніку гэтых драбленняў у XVII ст. уладальнікамі маёнткаў і двароў у Туганавічах з’яўляліся Стэфан Данейка, Самуэль Туганоўскі, Казімірі Багуслаў Нарніцкія, Ян Касцянецкі, Аляксандр Камароўскі.
Паводле завяшчання Самуэля Туганоўскага ад 11 сакавіка 1682г., маёнтак атрымаліў спадчыну яго сыны Казімір, Ян, Павел і Габрыэль. У першай трэці XVIIIст. Туганавічамі валодалі сын Паўла Самуэль і сыны апошняга Адам і Юзаф.
У пачатку XVIIIст. Самуэль і Зоф’я Туганоўскія заснавалі ў Туганавічах невялікую драўляную царкву святой Пракседы – мучаніцы, якая з’яўлялася філіяй Цырынскай царквы. У 1730г. Адам і Юзаф прадаюць маёнтак свайму сваяку Станіславу Туганоўскаму. Сын Станіслава Казімір у сваю чаргу прадае Туганавічы ў 1755г. ксяндзу ігнацію Вішнеўскаму. Другая частка Туганавіч у першай палове XVIII ст. належыла Трызнам і Азарычам. У сярэдзіне XVIII ст. уладальнікамі гэтай часткі двара становяцца Верашчакі.
