top of page
4.jpg

КАХАННЕ  АДАМА МІЦКЕВІЧА  І  МАРЫЛІ  ВЕРАШЧАКА

Туганавічы… Месца  вялікага  кахання  Адама  Міцкевіча і  Марылі  Верашчака. Менавіта  сюды, у гэты  зацішны  куточак  Наваградчыны, недзе  ўлетку 1818 года  прывёз  яго  на  брытчы  універсітэцкі  сябра-філамат  Тамаш  Зан, які   яшчэ   ў  час  вучобы  ў  Мінскай  гімназіі  пасябраваў  са  сваімі  аднакласнікамі  братамі Міхалам  і  Юзафам  Верашчакамі.

Не  думаў, не  гадаў  тады  дзевятнаццацігадовы  юнак, чым  стане  для  яго  гэтая  закінутая  паміж  палёў  сядзіба, якую  буру  пачуццяў  будзе  выклікаць  у  яго  праз  жыццё  адна  толькі  яе  назва – Туганавічы. І ўсё  праз  яе, Марылю, сястру  Міхала  і  Юзафа.

Калі  падыходзілі ўжо  да  шырокага ганка туганавіцкага  дома, Адам  Міцкевіч  убачыў  яе ўпершыню: яна, як  расказваюць,толькі  на  адзін  момант, нібы  спуджаная  птушка, мільганулася  перад  ім  у  сваім  белым  убранні, але  гэты  момант, гэтае  ўбранне  запомніліся  яму  назаўсёды.

Пры  знаёмстве  Марыля  не  зрабіла  асаблівага  ўражання  на  Адама  Міцкевіча. Але  паступова, сустракаючыся  з  ёй  пад  раскідзістым  голлем  туганавіцкіх  ліп, чытаючы  разам  раманы Жан-Жака  Русо  і  Гётэ, разважаючы  пра  літаратуру, пра  жыццё, слухаючы  яе  ігру  на  фартэпіяна, ён  адчуў, як  цягне  яго  да  гэтай  мілай  і  непасрэднай  дзяўчыны,як хочацца  слухаць  яе  голас, яе  смех.

Часта  Адам  з  Марыляй  пускаліся ў  блізкія  і  далёкія  вандроўкі  па  ваколіцах, любаваліся  новымі, нязведанымі  краявідамі, з ахвотай  размаўлялі  з  сялянамі, адпачывалі ў іх  бедных  хацінах.

Аднаго  разу  Адам  і  Марыля  падышлі  да  рыбака-селяніна  з  недалёкай  вёскі,што  сядзеў  на  ўзбярэжнай  купіне і, закінуўшы ў  возера  вуду, пільна  глядзеў  на  паплавок  з  хваёвай  кары. Дзядзька аказаўся  гаваркі. Ён цікава  расказваў  пра  тутэйшыя  мясціны, пра  Плужынскі  бор, сярод  якога  ляжыць  возера  Свіцязь.

- А  як  жа  яно  ўтварылася? – папытаў  Адам  у  рыбака.

- О, гэта  доўгая  гісторыя...

- А  вы  раскажыце…

І  рыбак  з  ахвотаю  пачаў  апавядаць  пра  тое, што  чуў  ад  старых  людзей: пра русалак,якія  выходзяць  з возера  і  заманьваюць  сваёй  красою  маладых  хлопцаў, пра  тое,што  некалі  на  месцы  возера  стаяў  прыгожы белакаменны  горад  з  залатымі  макаўкамі цэркваў, горад  Свіцязь,які  аднойчы  праваліўся  ў  зямлю  і  на  яго месцы  запляскалі  азёрныя  хвалі...

- Вось  дзе  паэзія! – усклікнула  Марыля, даслухаўшы  да канца  рыбакова  паданне, і зазірнуўшы  ў  вочы  Адама, папрасіла:

 - Напішы  пра  гэта,Адам...

Адам  Міцкевіч, успамінаючы  потым  тую  сустрэчу  з  рыбаком,прызнаваўся, што  просьба  Марылі напісаць  пра  пачутае  была  яшчэ  адным  штуршком, які  скіраваў  яго  да  невычэрпных  крыніц  народнай  паэзіі.

Чароўнае  возера  натхніла  Адама  Міцкевіча  на  стварэнне  новай  цудоўнай  балады «Свіцязь», якую  ён  прысвяціў  Міхалу  Верашчака. У  баладзе  паэт апеў  гэты  дзівосны  цуд прыроды, прыгажосцю  якога  захапляўся  разам  з  Марыляй  Верашчакай.

Калі  навагрудскія  ўбачыш  прасторы,

Ракітнік разгалісты,нізкі, -

Каня супыні  ля  плужынскага  бору,

Каб глянуць  на  возера  зблізку.


Гушчар  лесу  пахне  чаборам  і  мёдам,

Жывіцы  настоем  смалістым,

Там  возера  Свіцязь,як  шыбіна  лёду,

Ляжыць  паміж  дрэваў  цяністых.

Тады  ж, у  жніўні  1821 года, карэліцкія  сцежкі  прывялі  Адама  Міцкевіча ў  Цырын, дзе ён  разам  з  Марыляй  у  мясцовай  царкве  ахрысціў  немаўля – Францішка  Саковіча. Пра  мястэчка  Цырын  паэт  успамінае  ў  баладзе “Свіцязь”.

Ад'язжаючы  з  Туганавіч  у  Коўна, Адам  нёс  воблік  Марылі  з  сабой, адзін  толькі  ўспамін  грэў  сэрца.

І  вось  як  гром  сярод  яснага  неба – вестка: Марыля  вышла  замуж  за  свайго  нарачонага  графа  Ваўжынца Путкамера, што  жыў  у  родавым  маёнтку Уніхаў  недалёка  ад  Туганавіч. Толькі  цяпер  зразумеў Адам Міцкевіч, што  страціў.

Гасцюючы ў Вялікіх Салечніках  на Лідчыне, непадалёку  ад  Бальценікаў, куды  пераехалі  жыць  Путкамеры, Адам  Міцкевіч  пісаў Яну  Чачоту: “Путкамеры  жывуць  за  мілю  адсюль. Усяго  мілю! Я  распытваў  усіх  каб  ведаць, дзе  сустрэцца, але  мы  размінуліся”.

Праз  год  пасля  замуства Марыля  зноў  сустракаецца  з  Адамам. Пры  сустрэчы  яна  шчыра  выказвае  сваё шкадаванне,што  яны  не  разам,што  іх  разлучыла  няшчаслівая  доля. І  ён,паверыў, і зноў з  усёй  шчырасцю  ідзе  насустрач,перапоўнены  гарачай  пяшчотай  да  свайго  кахання. Яны  сустракаюцца  дзе  толькі  можна.

На  Сёмуху  Адам  Міцкевіч, запрошаны  ў Бальценікі  і  два  тыдні  гасцюе  ў  Путкамераў.  Ваўжынец  Путкамер  ставіўся  вельмі  паважна  да  іх  адносін. Ён  разумее, што  рэўнасць  дрэнны  памочнік  і  робіць  усе, каб Адам  Міцкевіч  адчуваў  сябе  ў  яго  сядзібе  як добры  госць.

Адам  і  Марыля  часцей  за ўсё  сустракаліся  ў  гаі  непадалёку  ад  графскага  парку. На  вялікім  валуне, яны  выбілі  крыж  і пакляліся  помніць  адзін  аднаго  ўсё  жыццё, што б  не  здарылася... Той, хто застанецца  ў  жывых  пасля  смерці  другога, павінен  будзе долатам  паглыбіць  гэты  знак вечнай   вернасці. Марыля  перажыла свайго  каханага  на 8 гадоў. І  гай, і камень  на  сенняшні  дзень  захоўваюць тайну  закаханых.

Іграючы  на  фартэпіяна, Марыля  напявала  простую  народную  песню,але  вельмі  задушэўную:

Да  цераз  мой  двор,

Да  цераз  мой  двор

Цяцера  ляцела.

Да  не  даў мне Бог,

Не  судзіў  мне  Бог,

За  каго  я  хацела.

З  кім стаяла,

Размаўляла

Да  падарачкі  брала,

З  каго  кпіла,

Смяялася,

Сама  таму  дасталася.

Глыбіню  пачуццяў  паэта  да  Марылі  адлюсроўваюць  ягоныя  лісты.  “Каханая  Марыя, я  цябе  шаную  і  абагатвараю  як  нябеснае  стварэнне.  Каханне  маё  такое  нявіннае  і  боскае, як  яго  прадмет …  Ты  мой  анёл – захавальнік  усюды  прысутны.  Асцяраюся,  каб  нават  у  думках  не  пакрыўдзіць  цябе …” ( з ліста А. Міцкевіча  да  М. Путкамер  ад  17  кастрычніка 1822г.).  4  студзеня  1832  года  у  лісце   да  Ігната  Дамейкі  Адам  Міцкевіч  піша:  “Твой  ліст  даўнейшы,  смутны,  атрымаў  у  Рыме.  Было  там  некалькі  слоў  аб  Марыі.  Від  яе  рукі  прывёў  мяне  ў  такое  захапленне,  што  я  плакаў  як  дзіця,  гэта  быў  першы  мой  плач  пасля  развітання  з  Чачотам  і  Занам.  Мы  ніколі  ўжо  не  сустрэнемся.  Але  скажы  Ёй,  што  яна  заўсёды  займае  ў  маім  сэрцы  такое  месца,  з  каторага  Яе  ніхто  ніколі  не  адсуне  і  дзе  Яе  ніхто  не  заменіць”.

Невядома, як  склаліся б  адносіны  замужняй ужо  Марылі  і  Адама, калі  б не  падзеі , якія  хутка і навекі  іх  разлучылі. Гэта – выкрыцце  царскімі  ўладамі  віленскіх  згуртаванняў  моладзі, з  якімі  Міцкевіч  не  парываў  і  пасля  того, як  па  сканчэнні  універсітэта  вымушаны  быў  настаўнічаць  у  Коўне.

У  1834 годзе, жывучы  ў  Парыжы, Міцкевіч  скончыў працу  над  самым  значным  сваім  творам – паэмай-эпапеяй «Пан  Тадэвуш», якая  стала  сапраўдным  гімнам  роднай  зямлі, песняй  яго  светламу  няздзейсненаму  каханню. Месца  дзеяння  паэмы – сядзіба  Верашчакаў у Туганавічах. У кожным  творы  Адама  Міцкевіча  чуецца  туга па  Радзіме.

Успаміны  пра  Туганавічы  і  сваё  першае  каханне  не  пакідалі  Міцкевіча  ўсё  жыццё.  Пазней  ён  пісаў:  “Можа  Бог  не  дасць  больш  такога  жыцця,  але  мы  мусіць  што-небудзь  зрабіць, каб  захаваць  гэтае  народнае  зерне  і  даць  адчуць  усю  яго  каштоўнасць.  Мне  давялося  шчодра  пазнаць  такое  жыццё,  асабліва  ў  доме  Верашчакаў,  куды  ў  кампаніі  Тамаша  Зана  і  іншых  мы  прыязджалі  на  вакацыі.  Цэлыя  ночы  ў  лясах,  над  азёрамі”.

Гісторыя  Адама  і  Марылі  літаральна  саткана  з  легенд. Адна  з  іх  расказвае пра  бярозу, якую  спецыяльна для  Марылі  пасадзіў  Адам. Нават  у сонечныя  дні, як  гавораць  людзі, лісця  бярозы  было  вільготнае ад  тугі яе  гаспадыні  па каханаму. Калі  Марыля  памерла, бярозу паразіла  маланка. А  навокал  вырасла  сотня  другіх  бярозак – дало  ўсходы  насенне, якое  як бы сама  Марыля  раскідала  па  ўсей  акрузе. Хавалі  Марылю  ў  студзённую  зімовую  пару. Па  вясне, як сведчылі старажылы, над  магілай  графіні  паднялося   воблачка - душа  каханай  паэта, вызваліўшыся  ад  ледзяных  акоў, паляцела  на сустрэчу  з  каханым.

«Няшчаснае  каханне – заўсёды  гора  для  закаханых,- гаворыць пан Міхаіл. Але  калі бы  гэта  каханне  было  шчаслівым,  хіба цешыліся бы мы сёння  цудоўнымі санетамі, народжанымі  з  яе  мук?    

Каханне Адама Міцкевіча і Марылі Верашчака: О нас

Сайт створаны па матэрыялах даследчай работы вучанiцы 9 “В” класа
Норкi Марыi
© 2019 "Гімназія №25, Мінск"

bottom of page