
АПОШНІЯ ГАСПАДАРЫ ТУГАНАВІЧ
Пасля ад'езду Міцкевіча з Туганавіч маёнтак нядоўга заставаўся ў Верашчакаў. Восенню 1821 г. Марыя пераехала жыць у маёнтак мужа Бальценікіі Туганавічы наведвала вельмі рэдка. Міхал Верашчака па тэстаменту бацькі атрымаў суседні фальварак Плужыны і жыў там. Юзаф, як і некалі раней яго бацька, стаў маршалкам Наваградскага павета. У 1831 г. Юзаф ажыццяўляе абмен Туганавіч на маёнтак Смольчыцы Наваградскага павета, які належаў Яну Туганоўскаму,нашчадку колішніх уладальникаў двара. Кола гісторыі замыкалася. Яна распарадзілася так, што адны з першых уладальнікаў Туганавіч сталі апошнімі гаспадарамі маёнтка. У 1844 г. уладальнікам маёнтка становіцца пляменнік Яна Кастанцін.
Канстанцін Туганоўскі да прыезду ў Туганавічы скончыў Віленскі універсітэт і працаваў гродзенскім губернскім сакратаром. Яго жонкай была Зоф'я Верашчакава, дачка Юзафа і пляменніца Марылі. Канстанцін з'яўляўся сапраўдным патрыётам сваёй зямлі. Ён разумеў, што валодае гістарычнай мясцінай і клапаціўся аб яе належным стане. Хутка пасля ўступлення на ўладанне маёнткам у 1848 г. К.Туганоўскі спрабаваў пабудаваць на мясцовых могілках капліцу ў гонар сваіх продкаў. Але яго высакародныя намеры сустрэлі нязгоду праваслаўнага духавенства і не былі здзейснены.
У 1860 г. К.Туганоўскі паставіў бюст А.Міцкевіча ў «альтанцы». Ён старанна даглядаў бярозу, якую па паданню пасадзіў паэт на адным з угоркаў у парку. У 1861 г. Туганавічы наведаў сын Адама Уладзіслаў.
Многія жыхары Наваградчыны прымалі актыўны ўдзел у вызваленчым паўстанні 1863-1864 гг. на Беларусі, Літве і Польшчы супраць царызму. К. Туганоўскі быў абраны акруговым начальнікам паўстанцаў. У ягоным маёнтку дзейничала майстэрня па вытворчасці зброі. У 1864 г. К.Туганоўскага арыштаваліі кінуліў віленскую вязніцу, дзе ён і памёр падчас следства. Нешчаслівы лёс выпаў і на іншых членаў сям'і. Яшчэ ў дзяцінстве памерла дачка Канстанціна Марыя. У 1879 г. памірае Зоф'я, у 1881 г. – 18-гадовая дачка Ядвіга, у 1822 г. – яе 23-гадовая сястра Канстанцыя,а праз некалькі месяцаў – 3-гадовая дачка Канстанцыі Зося.
Маёнтак перайшоў да чацвёртай дачкі Канстанціна і Зоф'і Юзэфы, якая і стала апошняй уладальніцай Туганавіч. Як і яе бацька, Юзэфа прыкладала шмат намаганняў для захавання памятных мясцін сядзібы. Пры ёй тут з'явіліся мемарыяльныя дошкі, даглядаліся парк, жылыя і гаспадарчыя будынкі. У сядзібным доме, размяшчалася бібліятэка, беражліва захоўваліся два томікі паэзіі А.Міцкевіча з аўтографамі аўтара і некаторыя асабістыя рэчы Марылі.
Па яе ініцыятыве Ў Туганавічах была адкрыта малая ферма, на якой вывучалася залежнасць ураджайнасці бульбы ад угнаенняў. Ферма праіснавала восем гадоў. У 1911г. было адкрыта даследнае поле ў Туганавічах. Кіраваў работамі, якія праводзіліся тут, спецыяльна створаны камітэт, ганаровым членам якога была абрана Юзэфа Туганоўская. Даследнае поле праіснавала да 1914 года.
Але ў 1915 г. Туганавічы апынуліся якраз на лініі расійска-германскага фронту. Тэрыторыя маёнтка была скапана акопамі і бліндажамі, многія з векавых дрэў парка высечаны, а ад будынкаў засталіся адны руіны. Юзэфе Туганоўскай ужо не стала сіладнавіць маёнтак. Аднак да апошніх дзён жыцця яна марыла аб адраджэнні Туганавіч. У тэстаменце яна завяшчала Туганавічы дзяржаве і прасіла аб адкрыцці тут доследнай станцыіі земляробчай школы. У 1930 г. апошняя з Туганоўскіх памерла ў адзіноце ў сваім лясным фальварку Новы Свет і знайшла вечны спакой на варанчанскіх могілках.